У цэнтральнай бібліятэцы імя У.Маякоўскага 6 чэрвеня адбыўся святочны песенна-лірычны канцэрт-марафон літаратурна-музычнага аб’яднання «Крылы», прысвечаны 65-годдзю Наваполацка, які таксама прайшоў пад знакам Года міру і стварэння ў Беларусі.
Упершыню марафон зрабіў старт у 2008 годзе да 50-годдзя слаўнага Нафтаграда. З таго часу ў дні святкавання горада Наваполацка штогод ладзіцца гэта культурная акцыя. Ідэя яе стварэння належыць кіраўніку аб’яднання «Крылы» Галіне Сташкевіч.
Песняй паэта-бард Міхаіла Зудзілава «Первая палатка» быў дадзены старт святочнага марафона, фіналам якога стала яшчэ адна песня барда – «В городе моём вечер». На працягу мерапрыемства таксама прагучалі яго верш «Мой город над Двиной» і песня «Баллада о Новополоцке».
Прысвяціў юбілейнаму гораду свае вершы «Берагамі Дзвіны» і «Наваполацку» паэт Андрэй Шнітко. У выкананні Наталлі Арцёменка прагучаў цыкл вершаў пра працоўны Нафтаград паэта-першабудаўніка Юрася Касцюка. Валянціна Пакрапіўная звярнулася да вершаў «Я славлю жизнь» і «Впустите солнце» паэтэсы-першабудаўніка Ніны Дзянісавай. Свае лірычныя замалёўкі «Радасць» і «Вечерний Новополоцк» чытала Галіна Сташкевіч. Упрыгожылі святочны марафон аўтарскія песні «Музыка», «Сад», «Сон» Алены Штукінай. Маладая спявачка Маргарыта Змітровіч выканала вядомыя эстрадныя песні «Родны мой горад, любоў мая» і «Ангел». Гучалі і яе асабістыя вершы.
6 чэрвеня – Пушкінскі дзень Расіі і Дзень рускай мовы, у гонар якіх у выкананні Людмілы Мяхедка прагучаў верш «Памятник» Аляксандра Пушкіна і раманс «Что в имени тебе моём…», а Аляксандр Ігонін прачытаў верш «Признание».
Святочны марафон стаў прыгожым і шчырым прызнаннем ў любові свайму гораду! Больш падрабязна пра гэта мерапрыемства на старонцы літаратурна-музычнага аб’яднання «Крылы» (Facebook).