Зямля Якуба Коласа

20 Oct,2023
блог собакифонари охота
Зямля Якуба Коласа

Імя класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа (Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча) вядома не толькі кожнаму жыхару Беларусі, але і далёка за яе межамі. Імя пісьменніка ЮНЭСКА ўключыла ў каляндар гадавін вялікіх людзей і падзей. У Мінску ёсць літаратурны музей Якуба Коласа, яго імя носяць бібліятэкі, плошчы, вуліцы гарадоў і вёсак Беларусі.

Летась адзначалі 140-годдзе з дня нараджэння народнага паэта Беларусі. У Год міру і стварэння мы зноў звяртаемся да аўтара вядомых радкоў «Мой родны кут, як ты мне мілы...»., бо сёлета спаўняецца 100 гадоў з дня выдання самай эпічнай паэмы беларускай літаратуры «Новая зямля», над якой Якуб Колас працаваў больш за 12 гадоў.

У маі 1941 года Колас атрымаў сігнальны асобнік выдання «Новай зямлі». І, як аказалася, адзіны. Друкарскія гранкі былі разабраны нацыстамі.

100-годдзю першага выдання паэмы «Новая зямля» быў прысвечаны экспазіцыйны праект «Зямля Якуба Коласа», прадстаўлены Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа ў дзелавым і культурным комплексе Пасольства Беларусі ў Расіі ў верасні 2023 года.

Менавіта тут быў прэзентаваны факсімільны варыянт першага выдання паэмы, якое дакладна паказвае, якую кнігу трымаў у руках Якуб Колас стагоддзе таму, калі яна выйшла з друку.

А сёння гэты выдатны экзэмпляр кнігі з’явіўся і ў фондзе бібліятэкі, якая носіць імя Якуба Коласа ў Наваполацку. Такі важны і каштоўны падарунак зрабілі чытачам бібліятэкі нашчадкі Якуба Коласа – унучкі Марыя і Вера, праўнучка Васіліна Міцкевіч.. Вялікі дзякуй ім за гэта! Таксама асобная падзяка супрацоўнікам Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.

Разам з «Новай зямлёй» на паліцах бібліятэкі з’явіўся і шэраг іншых выданняў, напісаных Якубам Коласам і падораных сваякамі аўтара: факсімільнае выданне зборніка вершаў «Водгулье», кніга «І бачу пройдзеныя далі... ». Для юных чытачоў – яркія маляўнічыя выданні вядомых твораў: «Савось-распуснік», «Рак-вусач», «Міхасёвы прыгоды», «Казкі жыцця» і зборнік «Якуб Колас – дзецям».

Напярэдадні дня нараджэння Якуба Коласа – 3 лістапада – запрашаем усіх жадаючых убачыць прадстаўленыя выданні, дакрануцца да гісторыі, адчуць атмасферу таго часу, калі на чыстыя лісткі паперы клаліся першыя, але такія важныя радкі твораў класіка, якія дорагі кожнаму беларусу і не падуладныя часу, якія распавядаюць пра мір і стварэнне, заклікаючы любіць сваю Радзіму і берагчы яе.

Чакаем вас у бібліятэцы ім.Я. Коласа па адрасе: вул. Маладзёжная, 104.

Прочитано 177 раз(а) Последнее изменение 24 Oct,2023
Оценить
голос(ов)