Автор: Радзько Нэлі
Издание: Новополоцк сегодня. – 2025. – 4 янв. – С. 16. – (PRO-культура).
Гурт архаічных спеваў “Княжыч” Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры сумесна з бібліятэкай-філіялам №8 правялі рэканструкцыю старадаўняга абрада Каляды. Яе гасцямі сталі жыхары мікрараёна Баравуха.
Для беларусаў пачатак сельскагаспадарчага года ва ўсе часы меў вялікае значэнне. Святкаваць яго пачыналі яшчэ ў снежні і заканчвалі ў студзені. Удзельнікі сакральнай дзеі апраналіся ў адмысловыя строі і хадзілі па хатах, выконваючы песні з пажаданнямі шчаслівай долі гаспадарам. Кожны персанаж меў сваё значэнне. Так, напрыклад, мядзведзь сімвалізаваў здароўе, багацце і моц, а галоўная “зорка” мерапрыемства – каза – дабрабыт і ўрадлівасць. Нездарма ў калядках пяецца: “Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць”. Падчас выступлення пераапрануты ў гэтую жывёлу чалавек то спяваў і танчыў, то валіўся да зямлі. Каб падняць гераіню, трэба было задобрыць прысмакамі ўсю кампанію калядоўшчыкаў. Людзі не скупіліся. Лічылася, што чым больш аддасі, тым больш шчасця прыйдзе ў дом.
Важнай часткай рэканструкцыі Калядаў таксама з’яўляліся аўтэнтычныя спевы, з якімі жыхароў Баравухі і пазнёміў гурт з ЦРіТК. Сем’і мікрараёна з задавальненнем падпявалі і ўдзельнічалі ў народных гульнях. Пасля калектыў сумесна з загадчыцай бібліятэкі Таццянай Чэрнікавай адправіўся па мясцовых хатах. Вядучай мерапрыемства выступіла кіраўнік “Княжыча” Крысціна Пугачова.
Абрад мы праводзім штогод. Загадзя рыхтуем сцэнарый, абнаўляем касцюмы. Людзі вельмі рады нам, заўсёды запрашаюць да сябе. Наведаць усіх, вядома, часу не хапае, але стараемся абысці як мага больш падворкаў, каб нікога не пакрыўдзіць. На мерапрыемства ідзем кампаніяй у 10 чалавек.