Автор: Радзько Нэлі
Издание: Новополоцк сегодня. – 2025. – 11 янв. – С. 16. – (Дайджест).
Канікулярны перыяд у навучальных установах горада – час руплівай працы для бібліятэк.
На праягу двух тыдняў у філіялах ЦБС Наваполацка праходзілі разнастайныя мерапрыемствы для выхаванцаў прышкольных лагераў. Раскажам пра самыя цікавыя з іх.
Навучэнцы першых класаў СШ №2 сталі героямі свята “Заблытаная гісторыя, або Навагодні куфар з казкамі” ў дзіцячай бібліятэцы імя А.С.Пушкіна. У прыгожых карнавальных касцюмах яны разам са Снегавіком і Снягуркай адправіліся на пошукі Дзеда Мароза: удзельнічалі ў конкурсах, а напрыканцы мерапрыемства расказалі вершы і атрымалі падарункі.
У бібліятэцы імя С.Маршака для школьнікаў СШ №7 арганізавалі забаўляльную праграму “Новы год у краіне Весялосці”. Хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёміліся з героямі казак, танчылі і адказвалі на пытанні тэматычнай віктарыны. У канікулярны перыяд тут таксама прайшлі гульнёвая праграма “Зімовая казка” і літаратурна-пазнавальная гутарка “Калядная таямніца”, якія наведалі дзеці з гімназіі №2, СШ №4.
А ў бібліятэцы імя К.Сіманава дзеці з прышкольнага лагера СШ №2 імя Я.А.Трапезнікавай сустрэліся з любімымі героямі кніг Эдуарда Успенскага на сакрэт-гульні “Сюрпрыз ад Чабурашкі”. Падчас мерапрыемства яны паўдзельнічалі ў інтэрактыўных забавах, навагодняй эстафеце, адгадалі загадкі і разам намалявалі крэатыўнага снегавіка.
Цэнтральная бібліятка імя У.Маякоўскага запрасіла сваіх наведвальнікаў – вучняў СШ №3 імя В.В.Шчарбакова – на прыгодніцкую пастаноўку “Кот у матросцы, ці Навагоднія прыгоды ў Прастаквашыне”. Па сюжэце ў мультыплікацыйнай вёсцы, дзе разгортваліся падзеі, панавала пераднавагодняя мітусня: Шарык і Матроскін ніяк не маглі падрыхтавацца да святаў. Юныя гараджане сталі іх памочнікамі. З дапамогай вясёлых конкурсаў яны дапамаглі вырашыць усе спрэчкі і дамовіцца пра лепшыя варыянты. Вясёлыя танцы, салодкія наборы цукерак і шчырыя ўсмешкі дзяцей зрабілі гэты дзень па-сапраўднаму чароўным. Не менш прыемных момантаў юнаму пакаленню новапалачан падарыла музычная шоу-праграма “Усё будзе хараШОУ”, якая таксама прайшла ў цэнтральнай бібліятэцы для наведвальнікаў прышкольных лагераў горада. Напрыканцы мерапрыемства ўсе жадаючыя маглі атрымаць асалоду ад выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Навагоднія гісторыі”, створанай таленавітымі супрацоўнікамі ўстановы.