У зале мастацтваў цэнтральнай бібліятэкі імя У.Маякоўскага 19 мая адбыўся канцэрт-прэзентацыя, прысвечаны выхаду кнігі паэзіі «Мая Бульбонія» наваполацкага паэта Юрася Касцюка, які быў сярод удзельнікаў народнага калектыву «Крылы». Яго кіраўнік і складальнік серыі «Паэтычная бібліятэчка «Крылаў» падрыхтавала да друку гэту кнігу, якая ўбачыла свет у Полацкім кніжным выдавецтве і склала 11-ты выпуск серыі. У гонар выхада кнігі прэлюдыяй да яе прэзентацыі прагучала музычная мініяцюра «Натхненне» ў аўтарскім выкананні на фартэпіяна Валянціны Пакрапіўнай.
Галіна Сташкевіч на вечарыне распавядала пра цудоўнага майстра мастацкага слова і прафесійнага журналіста, чытала шмат яго вершаў, адзначыўшы, што ён быў сапраўдным носьбітам роднай мовы і што да яго творчасці вельмі часта звяртаюцца сябры–«крылаўцы». Вось і на прэзентацыі кнігі Юрася Касцюка чыталі яго вершы Фенія Грынёва і Іна Мароз. Гучалі вершы паэта і ў выкананні яго дзяцей – Андрэя і Наталлі.
Узнёсла, велічна і прыгожа гучалі песні, напісаныя на вершы Юрася Касцюка, у выкананні Паўла Сляпцова, Міхаіла Зудзілава, Ліліі Чарняўскай. Выступіў на вечарыне і Вячаслаў Мальцаў, які працаваў разам з ім у наваполацкіх газетах.
Кніга будзе прадстаўлена ў бібліятэках горада Наваполацка для шырокага кола чытачоў. Больш падрабязна пра гэта мерапрыемства на старонцы літаратурна-музычнага аб’яднання «Крылы» (Facebook).