Пад знакам Года беларускай жанчыны і Сусветнага дня пісьменніка ў першы дзень сакавіка народны літаратурна-музычны калектыў «Крылы» ЦБС г.Наваполацка ладзіў канцэрт у Полацкім пагранічным атрадзе, вайсковая частка 2034. Кіраўнік калектыву Галіна Сташкевіч на працягу многіх гадоў вядзе цеснае супрацоўніцтва з пагранічным атрадам. Вось і на гэты раз яна прадставіла цікавых і таленавітых жанчын-«крылаўцаў», адзначыўшы творчыя дасягненні кожнай з іх.
У выкананні Феніі Грынёвай прагучалі прыгожыя лірычныя вершы і песні паэта Венядзікта Грынёва. Праз меладэкламацыю ўзнёсла і артыстычна свае вершы чытала Іна Мароз (Саламаха). Веснавы святочны настрой стваралі аўтарскія песні і вядомыя рамансы ў выкананні Алены Штукінай. Цудоўным вясеннім настроем былі напоўнены вершы і замалёўкі Галіны Сташкевіч.
Было па-вясеннему сонечна, лагодна, радасна. Нават адзін смелы пагранічнік прыгожа танчыў для ўсіх. Больш падрабязна пра гэта мерапрыемства на старонцы літаратурна-музычнага аб’яднання «Крылы» (Facebook).