У зале мастацтваў цэнтральнай бібліятэкі імя У.Маякоўскага 10 чэрвеня народны літаратурна-музычны калектыў «Крылы» ладзіў святочны песенна-лірычны канцэрт-марафон «Прыгожая песня Дзвіны – Наваполацк!».
Ідэя стварэння гэтага шматгадовага праекта належыць кіраўніку НЛМК «Крылы» Галіне Сташкевіч, як бясконцае прызнанне любімаму гораду праз асабістыя літаратурна-музычныя творы ў Дзень яго нараджэння. Праз выставу ёю быў прадстаўлены літаратурны Наваполацк. Звярнула яна ўвагу на цудоўныя юбілейныя альбомы пра горад. Прагучала і яе лірыка-пейзажная замалёўка «Песня Дзвіны».
Ужо ў васемнадцаты раз на песенна-лірычную дарожку марафона выходзілі «крылаўцы» са сваімі вершамі і песнямі. Музычную дарожку марафона запоўнілі прыгожыя п’есы «Любімаму гораду» і «Святочны настрой» Валянціны Пакрапіўнай, якія яна выканала на фартэпіяна. Добры настрой стваралі праз паэтычныя творы Ларыса Гілясева, Ірына Жалейка, Іна Мароз, Вадзім Саўроў, Вера Урбан. Ірына Вашчанка прысвяціла гораду лірычную песню «Наваполацкі вальс». Шчодра адарыў любімы горад Міхаіл Зудзілаў сваімі песнямі «Первая палатка», «Баллада о Новополоцке», «В городе вечер».
Было камерна, утульна, камфортна, святочна! Больш падрабязна пра гэта мерапрыемства на старонцы літаратурна-музычнага аб’яднання «Крылы» (Facebook).