У восеньскім каляндары ёсць прыгожае свята – Міжнародны дзень музыкі, які адзначаецца 1 кастрычніка. Ва ўсім свеце ў гэты дзень праходзяць шматлікія канцэртныя праграмы з удзелам кампазітараў, артыстаў, мастацкіх калектываў. Вось і народны літаратурны-музычны калектыў “Крылы” пад началам кіраўніка Галіны Сташкевіч 3 кастрычніка ладзіў канцэрт у гонар яе вялікасці Музыкі ў зале мастацтваў цэнтральнай бібліятэкі імя У.Маякоўскага.
На фартэпіяна гучалі музычныя п’есы Валянціны Пакрапіўнай. Пад яе акампанімент выканаў Пушкінскі раманс “Я вас любил” і эстрадную песню “Тополя” Аляксандр Ігонін. Меладычныя гукі гітары пераклікаліся з цудоўнымі галасамі бардаў Ірыны Вашчанка і Людмілы Мяхедка, калі яны выконвалі свае аўтарскія песні. Прыгожымі аранжыроўкамі былі аздоблены аўтарскія і эстрадныя песні, якія прагучалі ў выкананні Маргарыты Змітровіч, Алены Штукінай і вакальнай групы “Гармонія” навучэнцаў палітэхнічнга каледжа.
Музыка ва ўсім! Яна цесна пераплятаецца не толькі з паэзіяй, а і з самой Матухнай-Прыродай, таму не дарэмна ў гонар свята гучала замалёўка “Восеньская рапсодыя” з лірыка-пейзажнага цыкла “Музыка Жыцця, альбо Адвечны гімн Прыродзе” Галіны Сташкевіч. Прагучала і вершавана-лірычная кампазіцыя “Музыка дажджу” Наталлі Арцёменка. Цудоўны восеньскі настрой перадаў верш “Я люблю цябе, восень!” Галіны Худніцкай. Музыцы былі прысвечаны вершы “Дырыжор” Венядзікта Грынёва і “Клавішы белыя, клавішы чорныя” Тамары Талкачовай, якія прачытала Фенія Грынёва. Гучала ў запісу песня “Музыка грёз”, напісаная вядомым кампазітарам Ізмаілам Капланавым на верш наваполацкай паэтэсы-“крылаўца” Тамары Талкачовай, у цудоўным выкананні Пятра Ялфімава.
Заключным нумарам канцэрта стала песня “Музыка”, якая прагучала ў аўтарскім выкананні Алены Штукінай.
Добры настрой стварала цудоўная музыка восені! Больш падрабязна пра гэта мерапрыемства на старонцы літаратурна-музычнага аб’яднання “Крылы” (Facebook).