Творчы сусвет Галіны Сташкевіч

12 Apr,2021
блог собакифонари охота

Название: Творчы сусвет Галіны Сташкевіч

Автор: Радзько Нэлі

Издание: Новополоцк сегодня. – 2021. – 9 апр. - С. 13.

 

Тонкі, дасведчаны літаратуразнаўца, самабытны аўтар, таленавіты арганізатар, заснавальнік і нязменны кіраўнік народнага літаратурна-музычнага аб’яднання-салона “Крылы” Галіна Сташкевіч, безумоўна, адна з самых выбітных асоб наваполацкай сферы культуры. Яна мае рэпутацыю паспяховага і высокапрафесійнага бібліятэкара цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы г.Наваполацка. За больш чым 30 год плённай працы ў галіне ініцыявала і правяла шэраг гарадскіх культурна-масавых праектаў для дзяцей і дарослых, стварыла на базе бібліятэкі імя А.С.Пушкіна літаратурна-мастацкую экспазіцыю ў гонар вялікага рускага паэта. І вось ужо 19 гадоў аб’ядноўвае каля сябе таленавітых наваполацкіх пісьменнікаў, музыкантаў, дэкламатараў, мастакоў і спевакоў. Апошнія чатыры гады калектыў здзяйсняе сваю дзейнасць у бібліятэцы імя У.Маякоўскага.

Дасягненні Галіны Сяргееўны неаднаразова адзначаліся дыпломамі гарадскога, абласнога, рэспубліканскага, міжнароднага ўзроўняў. А зусім нядаўна яна справіла круглую дату ў асабістым календары жыцця. Павіншаваць пісьменніцу на святочны канцэрт з нагоды юбілею прыйшлі яе сябры і калегі. Намеснік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наваполацкага гарвыканкама Наталля Сцегашова ўручыла юбіляру грамату аддзела “За высокае прафесійнае майстэрства, значны асабісты унёсак у развіццё культуры горада Наваполацка”.

Пра выбар справы жыцця, літаратуру і яе стваральнікаў размаўляем з Галінай Сташкевіч у нашым спецыяльным праекце “Асоба”.

- Галіна Сяргееўна, віншуем вас з юбілеем. Пачаць размову хацелася б з асабістага. Раскажыце, як вы адкрылі для сябе багаты свет паэтычнага слова?

- Я вырасла у маляўнічым краі - мястэчку Ветрына, дзе сама прырода натхняе, быццам паэтызуе навакольны свет. Заўсёды шмат чытала. У юнацтве нават вяла дзённікі, куды запісвала думкі, уражанні, найбольш упадабаныя творы і свае першыя спробы пяра. Цэнтральнай фігурай у літаратуры для мяне стаў знакаміты рускі паэт Аляксандр Пушкін. Чым глыбей я пагружалася ў багатую спадчыну аўтара, тым больш разумела, колькі яшчэ схавана ў яго слове. А слова гэта трапнае, геніальнае. Казкі АляксандраСяргеевіча насамрэч іншасказанні. Усю іх глыбіню дзеці нават не могуць зразумець… Колькі не чытай Пушкіна, кожны раз адкрываеш для сябе нешта новае, тое, над чым хочацца разважаць. I у гэтым вялікая моц яго творчага генія.

- Дарэчы, з асобай гэтага пісьменніка звязана вялікая колькасць вашых дасягненняў на прафесійнай глебе. Распавядзіце падрабязней.

- Так, я вельмі ўдзячна лёсу за гэта. Асноўная частка маёй прафесійнай дзейнасці звязана з дзіцячай бібліятэкай, якая носіць імя вялікага рускага паэта. У сваёй творчасці ён унікальны, таму так цікавы нашаму маладому і шматнацыянальнаму гораду. У 1996 годзе на базе дзіцячай бібліятэкі я стварыла Пушкінскую літаратурную гасцёўню для старшакласнікаў, а ў 2001-м была аформлена Пушкінская літаратурна-мастацкая экспазіцыя. Зараз яе кніжнай калекцыі могуць пазайздросціць нават буйныя музеі.

У Пушкінскай бібліятэцы пачалі збірацца і першыя “крылаўцы”. Ва ўтульнай камернай атмасферы чытальнай залы, з фартэпіяна, пад партрэтам генія рускага слова, нашы сустрэчы нагадвалі літаратурныя салоны, у якіх любілі збірацца паэты 18-19-х стагодцзяў. Менавіта адсюль і пайшла назва літаратурна-музычны салон “Крылы”. Душэўнасць такіх вечароў прыйшлася даспадобы таленавітым новапалачанам, аб'яднанне хутка буйнела. Праз год мы ўжо выправіліся на свой першы конкурс, з якога вярнуліся з дыпломам лаўрэатаў I ступені.

- За 19 гадоў сваёй дзейнасці літаб’яднанне стала адным з самых паспяховых у нашым горадзе. У творчай скарбонцы “крылаўцаў” больш за сотню перамог на творчых конкурсах і фестывалях, каля 50 выдадзеных кніг і зборнікаў. Калектыў пачынаўся з 7 паэтаў, а зараз налічвае 31 прадстаўніка ад 18 да 96 гадоў. Як вам удаецца такі працяглы час арганічна аб’ядноўваць у адной суполцы пісьменнікаў, музыкантаў, дэкламатаў, мастаклў, спевакоў рознага творчага складу і ўросту?

- Творчым людзям абавязкова патрэбна пляцоўка для асабістай рэалізацыі. Галоўнае, каб ім было на ёй утульна і цікава. Прадаўжэннем паэтычнага таленту многіх літаратараў, якія прыходзяць у “Крылы”, з’уляюцца музычны ці мастацкі. Яны з цікавасцю звяртаюцца да творчасці адзін аднаго. Пішуць музыку да вершаў. Мастачка Галіна Худніцкая дапамагае аздабляць кнігі прыгожымі малюнкамі. Пад пяшчотай нашых “Крылаў” узнікаюць цікавыя творчыя саюзы, ёсць і сямейныя. І для кожнага з іх я намагаюся зрабіць усё залежнае ад мяне. Выступаю не толькі ў якасці кіраўніка, але яшчэ і арганізатара, вядучага літаратурна-музычных вечароў, афармляю афішы да мерапрыемстваў, з'яўляюся складальнікам серыі “Літаратурная бібліятэчка “Крылаў”. Дарэчы, зараз гатуецца да выдання восьмая кніга з гэтай серыі - зборнік духоўнай паэзіі Ганны Аляскеравай. Творчую дзейнасць калектыву прадстаўляю на віртуальнай платформе у сацыяльных сетках.

- Вы сапраўды апантаны кіраўнік. Да таго ж яшчэ і паспяховы бібліятэкар. На вашым асабістым рахунку каля паўсотні ўзнагарод ад гарадскога да рэспубліканскага ўзроўню. Вы тройчы прызнаваліся лепшым бібліятэкарам Наваполацкай ЦБС. У 2010 годзе сталі лаўрэатам гарадской прэміі за высокія дасягненні ў сферы культуры і мастацтва “Признание”. А якая адзнака працы найбольш каштоўная менавіта для вас?

- Я заўсёды з павагай адносілася да кнігі і па-сапраўнаму любіла сваю справу. Быў час, калі на мае літаратурныя гасцёўні запісваліся школы з пачатку навучальнага года. Я вяла да пяці мерапрыемстваў за дзень. Мне пашанцавала працаваць бібліятэкарам у час вялікай цікаўнасці грамадства да кнігі і быць асабіста знаёмай з такімі постацямі ў беларускай літаратуры, як Іван Шамякін, Рыгор Барадулін, Навум Гальпяровіч. Я ўдзячна лёсу і людзям, якія былі побач на працягу жыцця, адзначалі мае поспехі. Наваполацк сапраўды стаў родным, таму мне было асабліва прыемна, калі яго прызналі культурнай сталіцай краіны у 2018 годзе. За шэраг сустрэч са знакамітымі беларускімі паэтамі ў рамках праекта ЦБС “Літаратурныя сустрэчы ў культурнай сталіцы”, да якога я маю непасрэднае дачыненне, Саюз пісьменнікаў Беларусі адзначыў мяне Ганаровай граматай. Пэўна, гэта мая самая высокая асабістая ўзнагарода на сённяшні дзень.

- На сваім юбіленым вечары “Я родам з вясны” вы прадставілі багатую палітру творчасці: вершы, апавяданні, афарызмы, трапныя выслоўі, нават фотаздымкі. Як гэта ўсё ў вас спалучаецца? Над чым працуеце зараз?

- Свой шлях у літаратуру я пачынала з сур’ёзнага драматычнага апавядання “Смерць велікана” (у мінулым годзе яно з'явілася у рэспубліканскім штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, дзе я неаднаразова друкавалася). 3 цягам часу мая творчасць стала больш разнастайнай па жанрам і формам. Пішу пра тое, што кранае, хвалюе. Радасныя і цяжкія моманты жыцця, страты і здабыткі - усё гэта знаходзіць адбітак у маіх радках. Люблю пісаць кароценькія жанравыя расказы, праз свае старонкі у соцсетках дзялюся думкамі, афарызмамі. Мяне захапляе прырода. Калі погляд спыняецца на якой-небудзь прыгожай з’яве, спяшаюся яе тут жа ўвасобіць у вечнасці з дапамогай фотаапарата. Зараз працую на выданнем сваёй першай кнігі пад назвай “Споведзь душы”.

 

Прочитано 171 раз(а)
Оценить
голос(ов)

Оставить комментарий

Убедитесь, что вы вводите всю необходимую информацию, указанную звездочкой (*). HTML код не допускается.

You are here:   HomeО нас Библиотеки в СМИТворчы сусвет Галіны Сташкевіч