Название: PRO-культура
Автор: Радзько Нэлі
Издание: Новополоцк сегодня. – 2020. – 20 марта. - С. 16.
Выстава
Навучэнка трэцяга класа дзіцячай мастацкай школы імя І.Ф.Хруцкага Аляксандра Мажарава марыць ствараць мультфільмы і ўжо прыдумляе да іх герояў. Пабачыць лепшыя работы юнай творцы можна на выставе “Сусвет фантазій і гармоніі” у бібліятэцы імя Я.Коласа.
Тут прадстаўлена 15 работ таленавітай дзяўчынкі. Усе кампазіцыі гарманічныя па колеры, цікавыя па задуме і выкананы з вялікім стараннем. Па словах педагога Аксаны Малюшыцкай, яе вучаніца імкнецца асвоіць як мага больш розных тэхнік малявання, наведвае прадмет па выбару “Батык” і плануе звязаць сваё жыццё з выяўленчым мастацтвам. Большасць карцін на першай персанальнай выставе юнай творцы напісаны акварэллю, ёсць некалькі графічных кампазіцый і дзве працы ў тэхніцы “роспіс па шоўку”. Выстава працягне сваю работу да сярэдзіны красавіка.
Сустрэча
Аповед пра моц духоўнага вучэння чалавека ў няпростых жыццёвых абставінах лёг у аснову пазнавальна-асветніцкай сустрэчы да Дня праваслаўнай кнігі ў цэнтральнай бібліятэцы імя У.Маякоўскага.
Гасцямі мерапрыемства сталі насельніцы полацкага Спаса–Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра, якія прадставілі наваполацкім чытачам аўтабіяграфічнае выданне “Свяціцель Лука (Война-Ясінецкі): Як я палюбіў пакуты”. У гэтай кнізе сабраны сведчанні пра асобу архіепіскапа Лукі, арцыбіскупа Сімферопальскага і Крымскага, геніяльнага савецкага вучонага і лекара, пастыра і прапаведніка, багаслова, падзвіжніка.
Лёс знакамітага прафесара медыцыны і святара трагічны і цікавы адначасова. Ён належаў да старажытнага шляхецкага беларускага роду Война-Ясінецкіх. Валянцін Феліксавіч (імя пры нараджэнні) быў адораны талентам медыка ад Бога. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ён выратаваў шмат цяжкапараненых. Даследаваў хваробы. Быў аўтарам прац па анестэзіялогіі і гнойнай хірургіі, адным з распрацоўшчыкаў метаду лячэння катаплазмамі – мазямі, прыгатаванымі на аснове глеб. За сваю бліскую медыцынскую дзейнасць быў узнагароджаны Сталінскай прэміяй першай ступені.
Валянцін Феліксавіч быў чалавекам вялікага сэрца і вострага розуму, але за свае рэлігійныя погляды шмат пакутаваў. Ён прайшоў праз арышты, суды, турэмныя заключэнні і ссылкі, падчас якіх пахаваў жонку, перенёс цяжкае захворванне і поўнасцю страціў зрок. Аднак нават у такім стане дапамагаў людзям – навобмацак дакладна ставіў дыягназ і здзяйсняў службы – без дапамогі ўваходзячы ў храм, на памяць чытаў малітвы і Евангелле, прамаўляў пропаведзі. Свяціцель Лука меў шмат пераемнікаў сярод медыкаў і святароў.
Насельніцы полацкага Спаса–Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра падгатавалі відэафільм па матывах аўтабіяграфічнай кнігі святара. Слухачы, сярод якіх былі ветэраны бібліятэчнай сістэмы, чытачы і наведвальнікі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, з вялікай цікавасцю слухалі манашак і шчыра дзякавалі ім за аповед.